image description
 

Учреждение Минское областное управление МЧС Республики Беларусь

 

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе? (газета "Звязда")

670

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес. Па-першае, там можна схавацца ад духаты i спякоты, а па-другое, там ужо з'явiлiся першыя дары — так, на Камароўцы ўжо актыўна iдзе гандаль чарнiцамi, сунiцамi i нават лiсiчкамi.


Але паход у лес — далёка не заўжды бяспечная рэч. На мiнулым тыднi ў Магiлёўскiм раёне шукалi 69-гадовага пенсiянера. Жыхар вёскi Салтанаўка пайшоў у лес i знiк. Пра гэта паведамiлi ратавальнiкам, а таксама дадалi, што мабiльны тэлефон старога недаступны.

Шукаць чалавека адправiлiся ратавальнiкi, мiлiцыянеры i мясцовыя жыхары. Неўзабаве яго знайшлi. Высветлiлася, што пенсiянер правалiўся ў люк тэхналагiчнага калодзежа на тры метры нiжэй за ўзровень зямлi. Яго перадалi брыгадзе медыкаў.

Ранiцай 22 чэрвеня ў Мядзельскi раённы аддзел па надзвычайных сiтуацыях пазванiў дзяжурны мясцовага аддзела ўнутраных спраў. Ён паведамiў, што неабходная дапамога — каля вёскi Коркi згубiўся 82-гадовы мужчына. Аказалася, што напярэдаднi апоўднi ён сышоў у лес i дагэтуль не вярнуўся. А мабiльнага тэлефона не мае.

У першы дзень мядзельскiя ратавальнiкi i мiлiцыянеры прачэсвалi ўсе магчымыя маршруты, па якiх мог iсцi стары. У iх лiк трапiлi i ўчасткi лесу. Але надышоў вечар, а чалавек усё яшчэ не быў знойдзены. Ранiцай 23 чэрвеня прыбыла дапамога — байцы Рэспублiканскага атрада спецыяльнага прызначэння i пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Мiнскага абласнога ўпраўлення МНС. Падключылiся да пошукаў i неабыякавыя мясцовыя жыхары. I гэта дало плён. Праз тры з паловай гадзiны небараку знайшлi ў полi каля вёскi Хоневiчы.

Яшчэ аднаго 82-гадовага мужчыну шукалi ў Бярэзiнскiм раёне. 18 чэрвеня жыхар вёскi Мачаск сышоў адзiн у лес. Праз тры днi ён сам выйшаў з лесу — за некалькi кiламетраў ад сваёй вёскi. У медыцынскай дапамозе ён не меў патрэбу.

Але губляюцца ў лясах не толькi пенсiянеры, але i дзецi. Удзень 16 мая сям'я гуляла паблiзу ляснога масiву каля вёскi Слабада Смалявiцкага раёна. Раптам у лес iрвануў сабака. Хлопчык пабег за iм i тут жа знiк з поля зроку.

Перапалоханы бацька тут жа патэлефанаваў ратавальнiкам i паведамiў пра тое, што адбылося. На месца падзей яны выбылi разам з мiлiцыянерамi. 10-гадовы малы знайшоўся неўзабаве.

Як жа правiльна падрыхтавацца да паходу ў лес? Пра гэта расказвае афiцыйны прадстаўнiк Мiнскага абласнога ўпраўлення МНС Настасся Швайбовiч.

— Падрыхтоўка да паходу ў лес павiнна iсцi грунтоўна. Пры сабе абавязкова трэба мець нож, запалкi i ваду, а таксама патрэбныя лекi. Зарадзiце перад выхадам мабiльны тэлефон. Калi ён падтрымлiвае сiлкаванне ад знешняга акумулятара — выдатна. У лесе з-за няўстойлiвага прыёму батарэя ў тэлефоне можа разраджацца хутчэй. Важна правiльна падабраць адзенне для паходу ў лес. Камуфляж, якi карыстаецца iстотным попытам, — дрэнны памочнiк. Калi вы заблукаеце, то адзенне колеру хакi выканае сваю функцыю на ўсе сто працэнтаў i схавае вас ад вачэй пошукавiкаў... Таму хоць нешта яркае трэба мець абавязкова — скажам, хустку цi шапку. Агульнае патрабаванне для адзення i абутку — яны павiнны быць шчыльныя i непрамакальныя. Гэта засцеражэ вас ад укусаў кляшчоў, а калi вы раптам трапiце на багну, то ў вас не прамокнуць ногi. Папрасiце пажылых сваякоў нi ў якiм разе не хадзiць у лес у адзiночку.

Заблукаць у лесе без арыенцiраў вельмi проста. Справа ў тым, што ў чалавека адна нага крыху большая за другую. Рознiца складае лiтаральна некалькi мiлiметраў. У населеным пункце гэта непрыкметна — мы мiжволi выпраўляем крок, арыентуючыся на дарогу. У лесе такога арыенцiру няма. Як вынiк — чалавек, якi заблукаў, пачынае апiсваць кругi радыусам тры–чатыры кiламетры.

Калi нiякай дарогi паблiзу няма i на крыкi аб дапамозе нiхто не адгукаецца, то трэба прыслухацца да гукаў навокал. Шум матора трактара чуваць за тры–чатыры кiламетры, сабачы брэх — за два–тры. Грузавы цягнiк можна пачуць за 10 кiламетраў ад чыгункi. Калi нешта такое чуецца — iдзiце на гук. Любыя лiнii электраперадачы, прасекi i сцяжынкi абавязкова выводзяць «у цывiлiзацыю». Ручай цi рака таксама могуць быць добрымi памочнiкамi. Iх вытокi нярэдка знаходзяцца ў глухiх мясцiнах, таму трэба iсцi ўнiз па цячэннi. I канешне ж, пазванiце ратавальнiкам i раскажыце пра тое, з якога населенага пункта
i якога раёна ўвайшлi ў лес, апiшыце, што бачыце па баках.

Калi ж сонца пачало заходзiць, а вы так i не выбралiся з лесу, — трэба рабiць месца для начлегу. Тут таксама ёсць свае асаблiвасцi. Лепш за ўсё падыдзе яма, якая ўтварылася ад вывернутага з коранем дрэва. З яго галiн можна зрабiць часовы прытулак кшталту будана. Зменшыць страты цяпла дапаможа або папера, або лiсце, набiтае пад вопратку. Побач з буданам лепш павесiць якi-небудзь прадмет адзення — ён зверне на сябе ўвагу тых, хто вас шукае.

Небяспечная рэч — сустрэць падчас вандровак па лесе пажар. Iмавернасць гэтага даволi iстотная, асаблiва калi ўлiчыць, што, па звестках Мiнiстэрства лясной гаспадаркi, па стане на 28 чэрвеня забарона на наведванне лясоў дзейнiчае ў 36 раёнах краiны. Усяму прычынай — спякотнае надвор'е.

Калi вы ўбачылi ўзгаранне, то абавязкова трэба пазванiць на тэлефон «101» цi «112», паведамiць пра тое, што адбылося, i тут жа пакiнуць месца пажару. Трэба iсцi перпендыкулярна кiрунку ветру або кромцы пажару. У сухое надвор'е i пры ветры недагаркi галля, лiсце, вуголле пераносяцца на дзясяткi метраў. Пры верхавых лясных пажарах, калi гараць кроны дрэў, сховiшчам могуць служыць берагi вадаёмаў, буйныя паляны, лiставы лес без хвойнiку. А вось на дарогах i прасеках, акружаных хваёвым лесам, шукаць прытулак не трэба. Гэта датычыцца i лагоў, якiя параслi лесам.

Валяр'ян ШКЛЕННIК

Паздрабязней чытайце на сайце газеты

Будь готов

Другие новости

 

Волшебная книга
Волшебная книга
Моб. приложение
Моб. приложение
Министерство
Законодательство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть