image description
 

Учреждение Минское областное управление МЧС Республики Беларусь

 

Каб папярэдзіць пажары і не дапусціць новых ахвяр (Мядзельскі раён)

366

 Як сведчыць статыстыка, з наступленнем асенне-зімовага перыяду звычайна павялічваецца колькасць пажараў. На жаль, больш становіцца і чалавечых ахвяр, што гінуць у стыхіі агню. Сярод іх пераважаюць асобы, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Ёсць таксама і непрацаздольныя пажылыя грамадзяне. Свае меркаванні па ўзнятай праблеме выказваюць прадстаўнікі службаў і простыя грамадзяне.


IMG_9494.JPG
  Ірына КАРАПЕЦЯН, старшы інспектар сектара ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях:

—               Сітуацыя з пажарамі выклікае занепакоенасць, як у вобласці, так і ў нас у раёне. Прычыны іх практычна адны і тыя ж. Адна з асноўных — неасцярожнае абыходжанне з агнём, асабліва па прычыне курэння ў стане алкагольнага ап’янення. Заснуў з цыгарэтай у руцэ, кінуў непатушаны недакурак — і бяды не пазбегнуць: часта няма ні дома, ні людзей, калі яны там знаходзіліся. Восем пажараў адбылося за 10 месяцаў гэтага года ў раёне па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём. Ёсць і тры ахвяры. Прычым з трох загінуўшых у агні сёлета — двое пенсіянераў. Пажылыя людзі нярэдка ў сілу ўзросту, дрэннага самаадчування, а таксама няведання правіл не звяртаюць увагі на пытанні пажарнай бяспекі. Па гэтых прычынах яны часам і паводзяць сябе неабачліва і неасцярожна. Але здараецца, што і самі дзеці падвяргаюць бацькоў небяспецы. У якасці прыкладу хачу прывесці мінулагодні выпадак, які ў лютым адбыўся ў аграгарадку Нарач. У доме, раздзеленым на дзве часткі з асобнымі ўваходамі, жылі маці і сын. Мужчына вярнуўся з месца пазбаўлення волі, нідзе не працаваў, вёў амаральны лад жыцця. Па прычыне курэння ў нецвярозым стане пачаўся пажар, падчас якога ён загінуў. На шчасце, маці засталася жывой: ёй дапамаглі выйсці з ахопленага полымем дома суседзі.

Сёлета ў раёне загінула жанчына падчас выпальвання сухой расліннасці, хоць гэта рабіць у нас у рэспубліцы ўвогуле катэгарычна забаронена. Здаецца, пастаянна напамінаем, гаворым, нават да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваем за спальванне смецця ва неўстаноўленых месцах, але спрацоўвае, як правіла, чалавечы фактар: маўляў, мяне не датычыць, усё абыдзецца. Дарэчы, гэты выпадак таксама адбыўся па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём. У бягучым годзе 10 пажараў зарэгістравана па прычыне парушэнняў пры ўстройстве, мантажы і эксплуатацыі электраправодкі і абсталявання. Дарэчы, такіх пажараў сёлета было больш, чым у папярэднія гады. І адбыліся яны ў асноўным у гаспадарчых пабудовах, куды людзі мала заходзяць і на стан праводкі ўвагі практычна не звяртаюць, ды і мяняць яе не збіраюцца. А гэта ж таксама бяспека, пра якую нельга забываць.

З прыходам асенне-зімовага перыяду штогод павялічваецца колькасць пажараў па прычыне парушэнняў устройства і эксплуатацыі пячнога ацяплення. І выратавальнікі, і аглядавыя камісіі пры наведванні домаўладанняў пастаянна звяртаюць увагу на стан печак, комінаў, нагадваюць пра неабходнасць выканання элементарных правілаў пажарнай бяспекі. Пры выяўленні фактаў парушэнняў у адзінока пражываючых пасылаем пісьмы іх дзецям. Пераважная большасць адносіцца да нашых паведамленняў з разуменнем, адзінкі не рэагуюць, некаторыя абураюцца, што надакучаем. Хоць даўно пара ўсвядоміць, што размова ідзе менавіта пра бацькоў і датычыць пытанняў іх бяспекі. Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да дзяцей састарэлых грамадзян, каб бываючы ў іх, паглядзелі на стан печкі: ці ёсць там трэшчыны, ці спраўная топка, ці валяюцца побач якія рэчы. Каб звярнулі ўвагу на знешні выгляд бытавых электрапрыбораў, на парадак на гарышчы, асабліва ля коміна, пачысцілі ў коміне сажу. Лішні раз нагадалі пра правілы пажарнай бяспекі, а таксама пра тое, каб былі больш уважлівымі, асцярожнымі. Паклапаціліся пра наяўнасць і спраўнасць пажарнага апавяшчальніка. І гэта зусім не дробязныя пытанні, бо ад іх у значнай ступені залежыць жыццё родных і блізкіх ім людзей.

Колбун.jpg

Наталля КАЛБУН, старшыня Сваткаўскага сельскага выканаўчага камітэта:

—               Сапраўды, бяда прыходзіць нечакана, калі грэбаваць элементарнымі правіламі пажарнай бяспекі. Вось і выходзіць на першы план прафілактычная работа, звязаная з неабходнасцю тлумачыць наступствы пажараў, каб засцерагчы домаўладанні ад пажараў і іншых надзвычайных здарэнняў, не дапусціць гібелі на іх людзей. Такую задачу якраз і вырашае аглядавая камісія, якую ўзначальваю. У складзе яе на грамадскіх пачатках працуе 11 чалавек. Гэта работнікі сельвыканкама, культуры, сацыяльнай службы, амбулаторыі, школы, сельгаставарыства, а таксама старэйшыны вёсак Таццяна Роўда і Галіна Малько (абедзве з’яўляюцца дэпутатамі сельскага Савета дэпутатаў), участковы інспектар міліцыі, супрацоўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях, энергетык, прадстаўнік газавай службы. Наведваем домаўладанні, выяўляем парушэнні, якія памячаем ва ўліковай форме праверкі з подпісамі гаспадара і членаў аглядавай камісіі. Даём тэрмін на ўхіленне няспраўнасцей і праводзім гутаркі наконт выканання правіл пажарнай бяспекі. Па стане на 1 кастрычніка 2022 года на тэрыторыі нашага сельсавета налічваецца 26 населеных пунктаў, дзе жыве 937 чалавек. З іх найперш удзяляем увагу сацыяльна ўразлівым катэгорыям грамадзян — адзінокім, адзінока пражываючым, інвалідам першай і другой групы, а таксама асабам, што вядуць амаральны лад жыцця, абавязаным асобам, мнагадзетным сем’ям і прыёмнай, сем’ям, у якіх дзеці прызнаны, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У кагосьці бываем часцей, у некага радзей. Па выніках даследаванняў цесна супрацоўнічаем з суб’ектамі прафілактыкі, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, са сваякамі пажылых людзей. За гэты год накіраваны 24 пісьмы розным службам у межах іх кампетэнцыі, з іх два — дзецям грамадзян, дзе ёсць пытанні па пажарнай бяспецы. Пры неабходнасці вырашаем праблемы, што ўзнікаюць, па тэлефоне. Скажу, што заўсёды знаходзім узаемаразуменне з прадстаўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. Дапамагае сельвыканкам і ў набыцці і ўстаноўцы пажарных апавяшчальнікаў для састарэлага насельніцтва.

Здаецца, і ходзім, і тлумачым правілы пажарнай бяспекі. Але непрадбачаныя сітуацыі часам узнікаюць, бо вельмі шмат залежыць і ад саміх людзей: чалавечы ж фактар ніхто не адмяняў. Аб гэтым сведчыць і загаранне, якое адбылося ў Новіках, калі маладая жанчына замест вадкасці для распальвання ацяпляльнага катла скарысталася бензінам і сама атрымала пры гэтым апёкі. Прыведзены прыклад сведчыць аб тым, што менавіта бяспечнасць і неабачлівасць пацярпелай і сталі прычынай няшчасця, якое адбылося. А яшчэ і нагадвае, што і самім людзям нельга грэбаваць элементарнымі правіламі пажарнай бяспекі. Хачу звярнуцца таксама да дзяцей пажылых грамадзян. Каб часцей у іх бывалі, цікавіліся станам печак, электрычных прыбораў і электраправодкі, напаміналі пра асцярожнасць, пільнасць, якія ніколі не бываюць лішнімі.

Янович.jpg

Алена ЯНОВІЧ, намеснік дырэктара Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:

—               Па стане на 1 кастрычніка бягучага года ў банку даных цэнтра налічваецца 7903 чалавекі, у тым ліку 4788 адзінокіх і адзінока пражываючых. У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Сацыяльная абарона” спецыялістамі абследуюцца матэрыяльна-бытавыя ўмовы грамадзян. На адзначаны перыяд імі наведаны 3744 чалавекі. З іх усе адзінокія пажылыя грамадзяне, адзінокія інваліды першай і другой груп працаздольнага ўзросту, 74,8% адзінока пражываючых пажылых грамадзян, 89,7% адзінока пражываючых інвалідаў першай і другой груп (з 18-ці год да пенсіённага ўзросту). Падчас абследаванняў выяўлены 143 праблемы. Усе яны вырашаны. У прыватнасці, шасці чалавекам адрамантаваны печкі, дзевяці — заменена электраправодка, 23 — устаноўлены пажарныя апавяшчальнікі. Для вырашэння злабадзённых пытанняў накіроўваліся пісьмы дзецям адзінока пражываючых пажылых грамадзян і інвалідаў аб неабходнасці аказаць садзейнічанне бацькам па прывядзенні жылля ў бяспечны ў пажарным плане стан. Прычым у 41-ым з 50-ці выпадкаў змаглі знайсці ўзаемаразуменне і рэальную дапамогу. На надомным комплексным абслугоўванні ў цэнтры знаходзяцца 804 чалавекі, двум прадстаўлены паслугі сядзелкі. Акрамя таго, на зімовы перыяд 13 чалавек размясцілі ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Вузла і трох чалавек засялілі ў Дом самастойнага пражывання ў вёсцы Камарова.

Пры наведанні жылля пажылых грамадзян спецыялістамі цэнтра пастаянна ўдзяляецца ўвага пытанням пажарнай і асабістай бяспекі. Прынялі сацыяльныя работнікі актыўны ўдзел і ў дэкадзе пажарнай бяспекі “Мой бяспечны дом”. Праводзілі растлумачальную работу, раздавалі памяткі, нагадвалі тэлефоны выкліку экстранных аператыўных службаў. Усе мерапрыемствы былі накіраваны на зніжэнне пажараў у быце, якія адбываюцца часта па прычыне невыканання насельніцтвам правіл пажарнай бяспекі, і на прапаганду культуры бяспекі.

Лукашевич.jpg

Ядвіга ЛУКАШЭВІЧ, жыхарка г. п. Свір:

—               Па тэлевізары, радыё не аднойчы чула пра ўрон, які наносяць пажары дзяржаве і простым людзям. Асабліва страшна, калі ёсць чалавечыя ахвяры. Прычым, па розных прычынах: з-за курэння ў нецвярозым стане, з-за няспраўнасці абсталявання, прыбораў, з-за абыякавасці, нядбайнасці. Я даўно на пенсіі. Жыву адна. У доме пячное ацяпленне, ёсць і электрапрыборы. Таму вельмі занепакоена, каб усё было добра ў жылых памяшканнях у плане пажарнай бяспекі.

Хачу сказаць, што не забываюць пра мяне члены аглядавай камісіі, створанай пры Свірскім сельскім выканаўчым камітэце. Заходзяць, каб паглядзець візуальна стан электраправодкі, каб не было трэшчын на печцы, бо ліст бляхі перад топкай даўно прыбіты. Абавязкова кожны раз нагадваюць пра правілы пажарнай бяспекі, якія трэба выконваць. І, найперш, каб сачыла за станам прыбораў. У выпадку чаго, каб адразу выцягвала ўключаны провад з разеткі.

Раяць не падпальваць печку гаручымі вадкасцямі. Не складваць каля яе адзенне, іншыя прадметы, якія могуць загарэцца. Не пакідаць печку, якая цепліцца, без нагляду. І, вядома, не закладваць рана засланку, каб не пацярпець ад чаднага газу.

Падчас апошняга прыходу члены аглядавай камісіі заўважылі, што не працуе пажарны апавяшчальнік, прыбіты да столі. Я неяк не звяртала на яго ўвагі. Прыбор спраўны, толькі батарэйку ў ім памяняць трэба. Дзяўчаты тут жа патэлефанавалі дачцэ ў Мінск, папрасілі купіць крону. На бліжэйшыя выхадныя яна прывезла яе і ўстанавіла ў пажарны апавяшчальнік.

Сапраўды, так будзе больш надзейна. З улікам пачатку ацяпляльнага сезона меры бяспекі павінны быць на першым месцы. Дарэчы, усе заўвагі і рэкамендацыі членаў аглядавай камісіі стараюся выконваць сама і суседзям аб гэтым таксама напамінаю.

 


Искать похожие новости:

Будь готов

Другие новости

 

Единый день безопасности
Единый день безопасности
Волшебная книга
Волшебная книга
Приложение МЧС
Приложение МЧС

Министерство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть