image description
 

Учреждение Минское областное управление МЧС Республики Беларусь

 

Вучэнні МНС прайшлі на тэрыторыі філіяла «Мінская ЦЭЦ-5» (газета "Звязда")

525

Месца правядзення вучэнняў было абрана невыпадкова, бо цеплаэлектрацэнтраль мае вялікае значэнне для рэгіёна, з'яўляецца аб'ектам жыццезабеспячэння насельніцтва, роля якога ўзрастае ў асенне-зімовы ацяпляльны перыяд. Парагенерацыйная ўстаноўка, хімічныя водаачышчальныя збудаванні, рэзервуары са значным аб'ёмам маслаў, мазуту, трансфарматарныя ўстаноўкі, паліўная помпавая станцыя — усё гэта элементы тэхналагічнага працэсу аб'екта, якія прадстаўляюць патэнцыйную небяспеку.


...У пачатку адзінаццатай на пульт ратавальнікаў паступіла паведамленне, што адбылося кароткае замыканне электраабсталявання трансфарматарнай устаноўкі. З-за павышэння ціску ў баку закіпела масла, ёмістасць разбурана, адбылося ўзгаранне. І нягледзячы на тое, што гэтая сітуацыя была зымітавана, дзеянні персаналу аб'екта і аварыйных службаў былі рэальнымі. Першымі на надзвычайную сітуацыю адрэагавалі работнікі прадпрыемства: да прыезду аварыйна-ратавальных падраздзяленняў абясточылі электраабсталяванне. Ратавальнікі, што прыбылі на месца здарэння, атрымаўшы допуск, які сведчыць аб абясточванні трансфарматараў, эвакуіравалі з небяспечнай зоны пацярпелага. Зазямленне абсталявання, увядзенне водных ствалоў на астуджэнне, падача пены на тушэнне трансфарматара — аператыўныя дзеянні ратавальнікаў дазволілі хутка ліквідаваць надзвычайную сітуацыю.

— Бяспека на аб'екце забяспечваецца на працягу ўсяго працэсу: аснову гэтага, вядома, складаюць дзеянні аператыўнага і рамонтнага персаналу, — пракаментаваў дырэктар філіяла ЦЭЦ-5 Уладзімір Кішко. — Пры ўзнікненні той ці іншай няштатнай сітуацыі і аператыўны персанал, і супрацоўнікі, якія ўваходзяць у склад дружын, як пажарнай, так і санітарнай, выразна ведаюць свае дзеянні, яны навучаны, трэніраваны.

Кіраўнік таксама падкрэсліў, што вуэбныя заняткі праводзяцца па спецыяльных праграмах і арганізоўваюцца раз у квартал ці ў паўгода.

Тут жа на тэрыторыі аб'екта, згодна з задумай, адбылося сутыкненне грузавіка з бочкай аміяку з ёмістасцю для захоўвання кіслаты. Кіроўца страціў прытомнасць, яму патрабавалася тэрміновая дапамога. Аператыўна прыбылі падраздзяленні МНС, устанавілі вадзяныя заслоны для аблогі пароў аміяку і эвакуіравалі кіроўцу ў бяспечную зону. Адначасова праводзіліся работы па накладанні бандажа на пашкоджаную аўтацыстэрну, аказанні дапамогі работніку, які праводзіў ачыстку рэзервуара. Пакуль адна каманда ратавальнікаў займалася аўтамабілем, іншая паспяшалася на дапамогу работніку прадпрыемства.

Адзін з самых запамінальных момантаў вучэнняў — транспарціроўка насілак з пацярпелым па нацягнутым тросе паміж машынай ратавальнікаў і бакам. Бяспеку параненага забяспечваў супрацоўнік МНС, які разам з ім з'язджаў па тросе.

Старт апошняй няштатнай сітуацыі даў гучны выбух: у пункце падрыхтоўкі вадароду адбылася ўцечка. Поўнае разбурэнне будынка, інжынерных камунікацый і факельнае гарэнне газаправода, пашкоджанне сцяны суседняга будынка вуглекіслатой і падрыхтоўка шчолачы — у такіх умовах ратавальнікі дапамагалі пацярпелым. На пляцоўцы, акрамя тушэння, была арганізавана работа грузапад'ёмной тэхнікі па разборцы завалаў. Кіналагічная служба ажыццяўляла пошукі людзей. «Хвіліна цішыні» — такі прыём скарысталі кінолагі для таго, каб пачуць сігналы, якія падаюцца тымі, каму неабходная дапамога.

У гэты ж час у іншай частцы аб'екта вяліся аператыўна-ратавальныя работы па эвакуацыі са сцен будынка прамысловых альпіністаў, што страцілі прытомнасць.

Побач з адной з пабудоў быў разгорнуты «куб жыцця», куды змаглі бяспечна прызямліцца людзі, што апынуліся на даху.

«Ратавальнікі пастаянна адпрацоўваюць практычныя навыкі па ліквідацыі надзвычайных сітуацый. У першую чаргу мы выбіраем стратэгічна важныя аб'екты: аб'екты жыццезабеспячэння, выбуховапажаранебяспечныя прадпрыемствы і сацыяльныя аб'екты, — падкрэсліў начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Лапановіч. — Сёння мы адпрацавалі тры ўводныя па ратаванні людзей і ліквідацыі няштатных сітуацый. Для нас вельмі важна, наколькі аператыўна паступіць паведамленне аб надзвычайнай сітуацыі на 101 і як спрацуе персанал да прыбыцця падраздзяленняў МНС. Таму ў рамках вучэнняў мы адпрацоўваем узаемадзеянне ратавальнікаў і работнікаў аб'екта».

У вучэннях прымалі ўдзел пажарныя аварыйна-ратавальныя падраздзяленні Мінскай вобласці, Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння «ЗУБР», Добраахвотная пажарная дружына аб'екта, спецыялісты камунальнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Пухавіцкі водаканал» і медыкі.

Падобныя вучэнні праводзяцца рэгулярна. Іх мэта — не толькі адпрацаваць на практыцы алгарытмы правядзення аварыйна-ратавальных работ, але і ўзаемадзеянне розных аварыйных службаў, кіраўніцтва і персаналу аб'екта.

Прафесія ратавальніка з'яўляецца адной з самых небяспечных. Яна патрабуе сапраўднай мужнасці, высокай самааддачы, смеласці, прафесіяналізму. У ратавальнікаў ёсць толькі адзін прыярытэт?— захаваць жыцці людей, аператыўна адрэагаваўшы на любую надзвычайную сітуацыю.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Загаловак у газеце: У прыярытэце — жыцці людзей

Чытаць на сайце https://zviazda.by/be/news/20211206/1638800949-vuchenni-mns-prayshli-na-terytoryi-filiyala-minskaya-...

Будь готов

Другие новости

 

Волшебная книга
Волшебная книга
Моб. приложение
Моб. приложение
Министерство
Законодательство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть