image description
 

Учреждение Минское областное управление МЧС Республики Беларусь

 

Ратавальнікі па ўсёй краіне дапамагаюць адзінокім пажылым людзям (газета "Звязда")

272

У восеньскі час заўжды хапае работы. Мала сабраць ураджай і падрыхтаваць да першых маразоў жыллё, што асабліва актуальна для тых, хто плануе зімаваць у сельскай мясцовасці. На прысядзібным участку кожны дзень — новая работа: то лісце трэба згрэбсці, то сухія галіны на дрэвах спілаваць, то пазбавіцца ад непатрэбнага смецця...



Аднак далёка не кожнаму такая работа пад сілу. Гэта добра ведаюць ратавальнікі, якія часта становяцца сведкамі трагедый. А пачынаецца ўсё з таго, што людзі, у асноўным старыя і нямоглыя, бяруцца наводзіць парадак на сваіх падворках.

Каб папярэдзіць чарговыя няшчасныя выпадкі, а таксама яшчэ раз пагаварыць з пажылымі грамадзянамі аб правілах бяспекі, супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях разам з юнымі ратавальнікамі па ўсёй краіне наведваюць пенсіянераў, інвалідаў, а таксама ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць адны. У межах штогадовай акцыі «Моладзь за бяспеку» яны аказваюць пасільную дапамогу тым, хто ў гэтым мае патрэбу.

Працоўны дэсант

Як праходзіць першы этап акцыі пад сімвалічнай назвай «112 добрых спраў», карэспандэнты «Звязды» ўбачылі на свае вочы. Наш працоўны дэсант «прызямліўся» ў аграгарадку Ждановічы, што пад Мінскам. Супрацоўнікі МНС, юныя ратавальнікі, а таксама прадстаўнікі Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства завіталі да Зінаіды Петрыман.

Пенсіянерка чакала гасцей (менавіта так, а не інакш яна называе тых, хто адгукнуўся прыйсці ёй на дапамогу) на сваім падворку. Калі напярэдадні ёй патэлефанавалі з сельскага Савета і папярэдзілі аб нашым візіце, жанчына не здзівілася: апошнім часам супрацоўнікі МНС разам са школьнікамі дапамагаюць ёй рэгулярна. Летась, напрыклад, мылі ў хаце жанчыны вокны. Цяпер жа гаспадыня задала іншы фронт работы. Папрасіла сабраць у агародзе капусту, ускапаць градкі, спіліць сухую галіну на яблыні. «Калі не стоміцеся, то і лісце, калі ласка, зграбіце», — сціпла звярнулася да сваіх памочнікаў пенсіянерка.

Зінаіда Антонаўна жыве ў хаце адна. З мужам даўно разышліся. Дачка жыве ў пасёлку, але слабы з яе памочнік — як і маці, яна інвалід. Сын з'ехаў у Расію, прыязджае рэдка. Дапамагае Зінаідзе Петрыман толькі сацыяльны работнік, якая прыходзіць двойчы на тыдзень. У асноўным, робіць усю хатнюю справу, ходзіць у краму па прадукты, выпісвае ва ўрача для пенсіянеркі лекі, ідзе па іх у аптэку. На іншы клопат проста не хапае часу — падапечных у сацыяльнага работніка нямала.

Зінаідзе Петрыман цяжка прызвычаіцца да таго, што ўжо на многае ў яе проста не хапае сіл: здароўе моцна падводзіць. Аднак усё роўна імкнецца нешта пасадзіць: крыху бульбы, моркву, буракі, капусту, нават клубніцы ў яе растуць. «Пенсія невялікая, усяго не купіш, — тлумачыць сваю прагу да земляробства гаспадыня. — Праўда, з кожным днём усё складаней становіцца з гэтым спраўляцца».

Таму тое, што ўсяго за некалькі гадзін для яе зрабілі школьнікі і ратавальнікі, жанчына, вядома, не асіліла б. «Для мяне гэта вялізная дапамога, — прызнаецца пенсіянерка. — Нават няма тых слоў, каб у поўнай меры падзякаваць вам за працу».

Неабходныя падарункі

З пастаўленымі задачамі памочнікі справіліся за ўсяго нейкія паўтары гадзіны. Зрабілі нават больш, чым прасіла бабуля: вырвалі цыбулю, якая дагэтуль знаходзілася ў зямлі, сабралі ўжо крануты першым прымаразкам вінаград. Сапраўды, за работай час праляцеў вельмі хутка. Вось што значыць рабіць нешта талакой!

Як адзначае другі сакратар Мінскага раённага камітэта БРСМ Кацярына ПАХОМАВА, на працягу года школьнікі наведваюць адзінокіх пажылых людзей, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. «Вясной, у асноўным, капаюць агароды, мыюць вокны, зімой чысцяць снег, восенню, як правіла, задзейнічаныя на добраўпарадкаванні прысядзібных участкаў, — удакладняе прадстаўніца грамадскага аб'яднання. — Дзеці з задавальненнем падключаюцца да добрых спраў, а яшчэ любяць сустракацца з ветэранамі, якія расказваюць ім цікавыя гісторыі, што адбыліся з імі ў гады вайны».

У канцы сустрэчы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Мінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях старшы лейтэнант Ілья Паршонак падарыў Зінаідзе Петрыман вогнетушыцель, расказаў, у якіх выпадках і як ім карыстацца. Акрамя таго, ратавальнікі прагаварылі з пенсіянеркай усе магчымыя небяспечныя сітуацыі, а галоўнае, падказалі, як знайсці з іх выхад.

Абнавіўся ў гэты дзень у гаспадыні і пажарны апавяшчальнік — важны атрыбут бяспекі, які абавязкова павінен знаходзіцца ў доме кожнага чалавека, а асабліва адзінокага, падарылі Зінаідзе Антонаўне прадстаўнікі Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства. Як мяркуе старшыня Мінскага абласнога аддзялення арганізацыі Валерый СЯРГЕЙ, тое, што сёння сумеснымі сіламі дапамаглі гэтай адзінокай хворай жанчыне, — высакародная справа. «Аб адным толькі можна шкадаваць: такіх людзей у нашай краіне вельмі шмат, — перакананы ён. — Было б добра, каб наша моладзь, асабліва школьнікі, часцей дапамагалі пажылым людзям, якія засталіся адны. Для іх любая дапамога, нават прынесенае вядро вады, дарагога вартая».

Дапамога з акцэнтам на бяспеку

— Мы нясём адказнасць за людзей, якія самі сабе дапамагчы ўжо не могуць, — заўважае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Аднак, у першую чаргу акцыя «Моладзь за бяспеку» накіраваная на тое, каб, дапамагаючы грамадзянам, нагадаць ім аб асноўных правілах бяспекі. Ідзе пачатак ацяпляльнага сезона, таму важна падказаць, як правільна паліць печ, што нельга дапускаць яе перагравання. Неабходна напомніць і тэлефоны службы ратавання: з узростам інфармацыя забываецца. Тым больш што раней, калі была патрэбная дапамога ратавальнікаў, набіралі нумар 01, а цяпер трэба — 101 або 112. Прагаворваем з пажылымі людзьмі ўсе небяспечныя сітуацыі: цяпер актуальна нагадаць пра тое, як не заблукаць у лесе. Зграбаючы лісце, яшчэ раз паўтараем, што спальваць яго небяспечна. На жаль, ахвярамі такіх пажараў у асноўным становяцца пажылыя: агонь выходзіць з-пад кантролю, а ў людзей ужо не тая рэакцыя, ды і не кожны можа самастойна справіцца са стыхіяй. Аб гэтым адзінокім пажылым людзям расказваюць і юныя ратавальнікі. Добрыя справы застануцца ў памяці дзяцей, што дапамагалі людзям, якім з прычыны ўзросту многае зрабіць складана.

Падчас другога этапу акцыі — «Бабуліны рэцэпты бяспекі» — пенсіянерам прапануюць адчуць сябе зоркамі тэлеэкрана (іх будуць здымаць на відэа). Юныя ратавальнікі разам з пажылымі людзьмі паспрабуюць не толькі прыгатаваць стравы беларускай кухні, а і пагавораць аб тым, якія ўмовы павінны быць створаныя, для таго каб усё прайшло бяспечна. Пенсіянеры не толькі змогуць падзяліцца сваімі рэцэптамі, а і чарговы раз згадаюць, у якіх умовах трэба ўтрымліваць жыллё, каб не адбылося бяды.

Вераніка КАНЮТА

Анастасія ШВАЙБОВІЧ

Чытаць на сайце https://zviazda.by/be/news/20211012/1634049140-ratavalniki-pa-usyoy-kraine-dapamagayuc-adzinokim-paz... 

Загаловак у газеце: Добрыя справы не маюць ліку

Искать похожие новости:

Будь готов

Другие новости

 

Единый день безопасности
Единый день безопасности
Волшебная книга
Волшебная книга
Приложение МЧС
Приложение МЧС

Министерство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть