image description
 

Учреждение Минское областное управление МЧС Республики Беларусь

 

Ратаўнікі шукаюць «рабінзонаў». Як не згубіцца ў лесе? (газета "Звезда", zviazda.by)

640

Паход у лес — радасць бадай што для кожнага чалавека. Для жыхароў горада — гэта як мінімум магчымасць вырвацца на прыроду і застацца з ёй сам-насам, для вяскоўцаў — спосаб правесці час з карысцю, збіраючы ягады і грыбы. І ўсё б нічога, але і згубіцца ў лесе падчас вандровак вельмі проста, калі збочыць з вядомых сцежак.


У Маладзечне працуе спецыяльны пажарны аварыйна-выратавальны атрад. На яго базе арганізавана пазаштатнае пошука-выратавальнае аддзяленне. Яго мэта — шукаць у лясах Мінскай вобласці менавіта такіх міжвольных «рабінзонаў». Таму карэспандэнты «Звязды» адправіліся, каб сваімі вачамі паназіраць за тым, як жа ратаўнікі прачэсваюць лес, каб вывесці з яго нетраў чалавека.

— Неяк так склалася, што часцей за ўсё мы ездзім у пяць раёнаў, — заўважае начальнік пажарна-выратавальнай службы атрада Станіслаў Трацюк. — Гэта Салігорскі, Мядзельскі, Вілейскі, Барысаўскі і Бярэзінскі. У гэтых раёнах бадай што самыя вялікія лясы вобласці, якія прыцягваюць да сябе грыбнікоў і ягаднікаў. Але, па нашых назіраннях, часцей за ўсё ў лясах губляюцца людзі пенсійнага ўзросту. У іх натуральным чынам узнікаюць праблемы са здароўем, ужо не такая хвацкая памяць. Нярэдка і ўвогуле забываюць, куды яны ідуць. Пасля ці яны самі, ці іх родныя ўсведамляюць, што сам чалавек выйсці з лесу не можа. І на дапамогу прыходзім мы.

Ратаўнікі падлічылі — у асноўным члены сям'і зніклага пачынаюць біць трывогу на наступны дзень. Рэдка бывае так, што чалавека пачынаюць шукаць праз пару гадзін пасля таго, як ён мусіў быў вярнуцца назад, але так і не прыйшоў. Спярша яны спрабуюць адшукаць небараку самастойна. А час ідзе.

— Любы пошук пачынаецца са збору інфармацыі. Мы мусім ведаць, дзе і калі чалавек зайшоў у лес, як ён выглядае, ці прымае ён пастаянна медыкаменты, ці ёсць у яго нейкія ўлюбёныя месцы, — адзначае Станіслаў Трацюк. — Вядома, што грыбнікі рэдка дзеляцца інфармацыяй пра тое, дзе яны «вядуць распрацоўкі». Але хоць бы родныя і блізкія мусяць пра гэтыя дзялянкі ведаць. Да таго ж чым пазней нам паведамяць пра зніклага чалавека, тым даўжэйшым можа быць час яго пошукаў, паколькі трэба будзе прачасаць вялікую тэрыторыю. А вось па мабільніку трымаць сувязь удаецца нячаста. Па-першае, у лесе сігнал вельмі дрэнны, і праз гэта акумулятар у тэлефоне разраджаецца куды хутчэй. А па-другое, спрыяе гэтаму і тое, што родныя і блізкія, перш чым патэлефанаваць нам, спрабуюць трымаць кантакт са зніклым. Таму мы просім усіх — зарадзіце перад выхадам у лес мабільны тэлефон, а калі ён падтрымлівае магчымасць зарадкі ад знешняга акумулятара — гэта яшчэ лепш.

У якім жа стане знаходзяцца людзі падчас некалькіх дзён блукання ў лесе? Супрацоўнікі атрада прыгадваюць, што не раз яны выходзілі на зніклых, якія дайшлі да дарогі і знясілелі так, што больш ісці не маглі. Нярэдкія і сітуацыі, калі чалавек ідзе ўздоўж дарогі, па якой едзе аўтамабіль МНС. Але... па «законе подласці» рухаецца не ў свой населены пункт, а ў процілеглым кірунку. Пошукі ж могуць даходзіць да трох дзён. Але бывае і больш — усё залежыць ад велічыні ляснога масіву.

І вось мы выязджаем у лес, які знаходзіцца блізу Маладзечна. Па легендзе, менавіта тут згубіўся чалавек. На месцы ўладкоўваецца сітуацыйны штаб. Ім кіруе намеснік начальніка атрада па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Аляксандр Канкаловіч. Гучыць каманда — і ў лес адпраўляецца квадрацыкл.

— Арсенал у нас даволі вялікі: тут і GPS-трэкеры, і рацыі для перамоў, і ліхтары, і біноклі, — пералічвае Аляксандр Канкаловіч. — Калі мы адпраўляемся на баявы выезд, то абавязкова прыганяем пажарны аўтамабіль, які будзе падаваць сірэну. Па сцежках мы перасоўваемся на квадрацыкле. Па дарогах агульнага карыстання на ім ездзіць забаронена, а вось на лясных дарожках гэта незаменны памочнік. Актыўна выкарыстоўваем і квадракоптары. Праўда, часам з беспілотніка не разглядзець, што менавіта адбываецца ўнізе.

Аляксандр Канкаловіч дэманструе прыклад. На экране тэлефона бачны здымак, які даслаў беспілотнік. Відаць нешта белае, што ляжыць на зямлі. Вельмі падобна на знясіленага чалавека, які ўпаў, не выбраўшыся з гушчару. Але калі туды дайшоў выратавальны ланцужок, то аказалася, што гэта быў кінуты кімсьці мех з-пад бульбы.

— Дрэнны жарт адыгрывае самаўпэўненасць. Чалавек, які жыве ў пэўнай мясцовасці доўгі час, думае, што лес ён ведае як свае пяць пальцаў. А вось і не. Дастаткова прапусціць усяго адзін вядомы паварот, як арыентацыя будзе згублена. І чалавек пачне апісваць па лесе кругі радыусам у некалькі кіламетраў, але пры гэтым у яго будзе стварацца ілюзія, што ён ідзе прама. А калі прыходзіць усведамленне, што заблукаў, — псіхіка можа спрацаваць па-рознаму. Часцей за ўсё пачынаецца паніка: адзначае Аляксандр Канкаловіч. — Вось нядаўна быў у нас такі выпадак у Пухавіцкім раёне. Згубіліся дзве жанчыны. Сувязь мы з імі трымалі. І вось адна з іх кажа — у маёй «напарніцы» праблемы, я не магу яе спыніць, яна хоча ісці далей. Але ўсё-такі нам удалося пераканаць яе застацца на месцы. Там і знайшлі. Але ёсць і контрпрыклад. Нядаўна мы выязджалі ў Мядзел, дзе трое сутак шукалі 83-гадовага дзядулю. Ён пайшоў зранку ў лес па грыбы, пасля ўдзень вярнуўся, паеў і... зноў адправіўся ў лес. І вось у другі раз дадому ўжо не вярнуўся. Пакуль мы прачэсвалі лес, з'явілася інфармацыя, што яго бачылі на дарозе. І звесткі спраўдзіліся. Аказалася, што ён згубіў арыентацыю ў прасторы. Стары пераначаваў у лесе, а пасля выйшаў з лесу на яго процілеглым канцы і нават не зразумеў, што згубіўся. Ці вось як мы знайшлі бабулю ў Маладзечанскім раёне. На яе мы натрапілі ўначы. Старая ўжо не магла ісці. Адзінае, прасіла, каб не згубілі сабраныя грыбы…

Калі коратка распавесці пра працу штаба, то выглядае гэта так. На карце ствараецца сетка дарог, якую мусяць прайсці пошукавікі. Яна грузіцца ў трэкер для кожнага супрацоўніка. Ёй і кіруецца ратаўнік падчас прачэсвання мясцовасці. І вось так група праходзіць сцежку за сцежкай. Спачатку «закрываюцца» тыя квадраты, дзе большая верагоднасць знайсці чалавека, калі ж працы не скончыліся поспехам — прачэсваюцца ўсе астатнія.

Ход усіх работ можна бачыць на экране ноўтбука ў анлайн-рэжыме.

Тым часам да нас з лесу сам выйшаў чалавек. З сабой ён нёс поўнае вядро сабраных грыбоў.

— Баравікі, падасінавікі, махавікі, — пералічвае Віктар Рыбалоўскі. — Дажджоў тут наліло шмат, ды яшчэ і цёпла. Вось і пайшлі грыбы. Але як ні дзіўна, сёння я пайшоў у грыбы першы раз на год. Падабаецца сам працэс — адпачываю душой. А ў лесе арыентуюся па сонцы і стараюся далёка не заходзіць. Ды і навошта ісці кудысьці ў гушчар — вунь вядро за паўгадзіны назбіраў.

А вось жыхару Вілейкі Віктару Буцько пашанцавала крыху меней. Літаральна за дзень да нашага прыезду яго шукалі ў лесе ратаўнікі.

— Пайшлі разам з сябрам у грыбы раніцай. Набралі кожны па вядры. Вярнуліся, папілі гарбаты і... вырашылі схадзіць яшчэ раз, толькі ў іншае месца. Думалі, што не заблукаем, але выйшла інакш. Таму хачу параіць браць з сабой у вандроўкі па лесе не толькі тэлефон, але і компас, каб трымаць напрамак. Праўда, мы выйшлі з лесу ўвечары, але за дзясятак кіламетраў ад дома. Сталі вяртацца назад па дарозе — і сустрэліся з машынай ратаўнікоў.

Кампетэнтна

Дзіяна Жалязняк, афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях:

— Грыбны сезон цяпер у самым разгары. Але выпадкі, калі людзі губляюцца, вельмі частыя. Кожныя суткі некалькі разоў ратаўнікі выязджаюць, каб дапамагчы такім «рабінзонам». Зараз гэта адбываецца радзей, чым тыдзень назад (тады колькасць выклікаў даходзіла да дзесяці на суткі. Таму да паходу ў лес важна правільна падрыхтавацца. Камуфляж пакіньце дома. А вось галаўны ўбор пажадана мець яркі. Вазьміце з сабой запас ежы, вады, медыкаменты і зарадзіце мабільнік.

Калі ж так здарылася, што згубіліся, — не панікуйце. Старайцеся знайсці арыенцір, які прывядзе вас да людзей. Гэта могуць быць лініі электраперадачы, ручай, сцежка, дарога. Сабачы брэх чуваць да двух кіламетраў, шум цягніка — да дзесяці. Калі ж не можаце выйсці да надыходу цемры — рыхтуйцеся да начлегу. Выберыце месца глыбейшае. Гэта можа быць яма ад вывернутага дрэва. Прытулак лепш зрабіць падобным на шалаш. Але звонку пакіньце яркі элемент, каб ён выдаў ратаўнікам ваша месцазнаходжанне.

  • Тым часам

Толькі за пазамінулыя суткі ратаўнікі па ўсёй краіне адшукалі 17 чалавек, якія заблукалі ў лясах. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе МНС.

14 верасня ў 11.25 ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што каля вёскі Малевіцкая Рудня Жлобінскага раёна зніклі муж і жонка. Крыху пазней прыйшло паведамленне ўжо з Чавус — там каля станцыі Пераможнік у лесе заблукалі маці і пяцігадовы сын. У другой палове дня званок прыйшоў ужо з лесу. Тэлефанавала жанчына, якая прасіла адшукаць яе з сяброўкай у лесе паблізу вёскі Дашкі Лагойскага раёна. Бліжэй да вечара стала вядома, што ў Шаркаўшчынскім раёне з лесу не могуць выйсці ажно шэсць чалавек.

Усіх іх знайшлі. Выратаваныя не мелі патрэбы ў дапамозе медыкаў. А вось пошукі яшчэ чатырох расцягнуліся і на аўторак. Прычым трое з іх — пенсіянеры ва ўзросце за 80. Іх шукалі ў лясах Лёзненскага, Глускага і Гомельскага раёнаў.


Будь готов

Другие новости

 

Единый день безопасности
Единый день безопасности
Волшебная книга
Волшебная книга
Приложение МЧС
Приложение МЧС

Министерство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть