- Адреса и телефоны
-
220137 г. Минск, ул.Нестерова, 9а
Время работы: пн-пт 09.00-18.00
- (+375 17) 246-74-04 (приемная)
- (+375 17) 273-39-99, (+375 17) 273-93-65
- minobl@mchs.gov.by
Калі мары збываюцца… (Валожынскі раён)
З нагоды Дня пажарнай службы, які адзначаўся 25 ліпеня, падзяка старшыні раённага выканаўчага камітэта была аб’яўлена актывістцы Валожынскага аддзялення Беларускага маладзёжнага грамадскага аб’яднання выратавальнікаў-пажарных Кацярыне БАЦЯН. Сёлетняя выпускніца другой гарадской школы прымала актыўны ўдзел у прапагандысцкіх акцыях і мерапрыемствах па папярэджанні і ліквідацыі пажараў на тэрыторыі раёна.
У рады юных выратавальнікаў Кацярына патрапіла выпадкова: кіраўнік клуба юных выратавальнікаў-пажарных прапанавала ёй прыняць удзел у гульні клуба вясёлых і знаходлівых, якую праводзіў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Запрашэнне яна прыняла без ахвоты, аднак мудры педагог параіла: “А ты паспрабуй!” І хто б тады мог падумаць, што гэтыя словы для маладой асобы будуць лёсавызначальнымі?!
На працягу трох гадоў Каця стала адной з самых актыўных членаў аб’яднання. Прымала ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах: акцыях, турыстычных злётах, спаборніцтвах па пажарным спорце і інш. “Мне вельмі падабаецца дапамагаць людзям, – расказвае дзяўчына. – І зараз, калі я іду па горадзе, а малодшыя школьнікі пры сустрэчы ўслед кажуць: “Во, я яе ведаю!..”, на сэрцы робіцца так прыемна ад таго, што ты камусьці можаш быць карысным”.
Дэвіз арганізацыі: “Адзін за ўсіх, усе за аднаго!” Яе члены атрымліваюць патрэбныя для кожнага чалавека веды і навыкі па бяспецы жыццядзейнасці, вучацца сябраваць, дапамагаць і падтрымліваць. А яшчэ, па словах Кацярыны, развіваць такія рысы характару, як сумленнасць і прыстойнасць. І хоць у сучасным свеце гэтыя якасці не вельмі папулярныя, аднак быць такім – справа гонару для маладых выратавальнікаў-пажарных. Старшакласніцы настолькі спадабалася грамадская дзейнасць, што вырашыла звязаць з ёй будучы прафесійны шлях і паступіць у спецыялізаваную вышэйшую навучальную ўстанову. Хоць шанцаў стаць студэнткай менавіта сёлета было крайне мала. Аднак…
Узнагарода ад раённай улады аказалася для дзяўчыны прыемнай нечаканасцю. “Я надзвычай рада і ўдзячна ўсім!” – усхвалявана прызналася яна. Яшчэ большыя эмоцыі адчула выпускніца, калі ўсё-такі была залічана на першы курс факультэта папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый універсітэта грамадзянскай абароны, з чым мы яе шчыра віншуем!
Алена ЗАЛЕСКАЯ
(Валожынская раённая газета «Працоўная слава»)