- Адреса и телефоны
-
220137 г. Минск, ул.Нестерова, 9а
Время работы: пн-пт 09.00-18.00
- (+375 17) 246-74-04 (приемная)
- (+375 17) 273-39-99, (+375 17) 273-93-65
- minobl@mchs.gov.by
Успамінаючы Чарнобыль ...(Чэрвенскі раён)
Жыхар вёскі Аточная Слабада Сяргей Краснагір: “Памятаюцца першыя буйныя пажары, першыя выратаваныя людзі, першыя загінулыя”.
Адразу дзве памятныя даты другога месяца вясны цесна знітаваныя з лёсам жыхара вёскі Аточная Слабада Сяргея Краснагіра: 17 красавіка – Дзень ушанавання ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, а таксама – 26 красавіка – чарговая гадавіна чарнобыльскай катастрофы. З гэтай нагоды да былога ратавальніка і ліквідатара наступстваў аварыі на атамнай станцыі завітаў з падарункам намеснік начальніка Чэрвеньскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Кірыл Маскалёў. Падчас нязмушанай гутаркі прыгадвалі мінулае, дзяліліся думкамі пра сённяшнія рэаліі.
Прафесіі пажарнага-ратавальніка Сяргей Краснагір аддаў дваццаць гадоў жыцця. Пачыналася ўсё у снежні 1982-га, калі пасля тэрміновай вайсковай службы ў Германіі і двух гадоў працы слесарам у чэрвеньскім аўтапарку ён уладкаваўся ў Барысаўскую ваенізаваную пажарную часць. Менавіта адсюль менш чым праз тры месяцы пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у складзе зводнага атрада выязджаў на ліквідацыю яе наступстваў.
– Стаялі мы ў Хойніках, – узгадвае Сяргей Краснагір. – А працавалі ўжо за калючым дротам, у трыццацікіламетровай зоне адчужэння. На працягу двух тыдняў з ранку да вечара тушылі тарфяныя пажары. Паснедалі, заправілі ў машынах поўныя бакі паліва і – наперад. Увечары штодня абавязкова хадзілі ў лазню. Абеду не было, бо ежу не дазвалялася браць у зону. Затое раніцай і вечарам кармілі, як на забой.
Гарачыня ў ліпені стаяла пякельная. Тры машыны за паўдня “высмоктвалі” цэлую канаву вады. Таму даводзілася ўвесь час шукаць новыя крыніцы.
Нядаўна адселеныя вёскі яшчэ не выглядалі закінутымі. Вёска і вёска, толькі без людзей. З незвычайнага хіба што запомнілася ліса на ганку хаты, якая спакойна назірала, як па двары ходзяць куры, а яшчэ – здзічэлыя коні…
Праз некалі гадоў пасля “чарнобыльскай камандзіроўкі”, калі пачалі ваенізавацца пажарныя падраздзяленні ў раёнах, Сяргей Краснагір перавёўся ў пажарную аварыйна-ратавальную часць №1 Чэрвеня, дзе і служыў да выхаду на заслужаны адпачынак у 2002 годзе.
Калі гаворка заходзіць пра запамінальныя моманты пажарнай-ратавальнай службы, 60-гадовы ветэран на хвіліну задумваецца, а потым кажа:
– Канешне ж, памятаюцца першыя буйныя пажары, першыя выратаваныя людзі, першыя загінулыя… А так – звычайная праца. Рамантыкі ў ёй мала. Запамінальнае… Ну, мо, тое дзяжурства, калі давялося тушыць сем пажараў, не вяртаючыся ў часць…
На працягу сустрэчы адчувалася, што ўспаміны даюцца нашаму герою з цяжкасцю. Пра многае з таго, што давялося пабачыць і перажыць Сяргею Уладзіміравічу, застаецца толькі здагадвацца, гледзячы на сівізну ў яго валасах.