image description
 

Учреждение Минское областное управление МЧС Республики Беларусь

 

Жыццё, напоўненае… экстрымам (Уздзенскі раён)

692

Іван Іванавіч Барбарчык, Сяргей Міхайлавіч Камеш і Уладзімір Уладзіміравіч Трыгубовіч – актывісты раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» і Уздзенскага раённага аддзялення  арганізацыі ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях «Выратавальнік». Заўсёды бадзёрыя і аптымістычныя, гэтыя Сапраўдныя Мужчыны заўсёды ў страі: прымаюць удзел у разнастайных мерапрыемствах і патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, шчыруюць на карысць раёна.

У іх душах і сэрцах, не згасаючы, жывуць боль і горыч вайны, успаміны аб моцным мужчынскім сяброўстве і баявых таварышах, якія назаўсёды засталіся маладымі. І дух таварыскасці, узаемадапамогі і падтрымкі, загартаваны падчас баявых дзеянняў, воіны-інтэрнацыяналісты падтрымліваюць на мірнай роднай зямлі.

…Прозвішча Івана Барбарчыка добра вядома на Уздзеншчыне. Воін-інтэрнацыяналіст, пасля армейскай службы – работнік Уздзенскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, а цяпер – супрацоўнік раённага аддзялення аховы, ён усе гэтыя гады прымае актыўны ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах ваенна-патрыятычнай скіраванасці, часты госць у школах і працоўных калектывах.

У Афганістан малады Іван трапіў у чэрвені 1986 года. Да гэтага былі шэсць месяцаў вучэбкі ў пустынях Таджыкістана, своеасаблівая праверка на вынослівасць, кемлівасць, гатоўнасць да службы ва ўмовах, набліжаных да баявых. І вось ён, інструктар мінапошукавай службы сабак, у складзе матарызаванай манеўранай групы разам з калегамі выконвае няпростыя задачы па забеспячэнні бяспекі савецкіх вайсковых падраздзяленняў.

…Трынаццатага ліпеня. Першы дзень нараджэння Івана на далёкай, чужой зямлі. Сябры з раніцы віншуюць з дзевятнаццацігоддзем. Быў якраз выхадны дзень (рэдкая ва ўмовах той службы раскоша), узвод у складзе 35 чалавек размясціўся ў зямлянках. Да абеду абяцалі накрыць у гонар імянінніка святочны стол, нават з пачастункам-сюрпрызам. Была ў падраздзяленні такая традыцыя: каму б ні прыйшла пасылка з Радзімы, дзялілі яе на ўсіх, няважна, ці ты «дзед», ці «малады». Нават калі хтосьці ў гэты дзень быў на чарговым баявым заданні, далёка ад сваёй часці (а групе часта даводзілася мяняць дыслакацыю), дасланае з дому трапляла на агульны стол, і адрасат не крыўдзіўся.

Іван Барбарчык пасылкі не чакаў. Па-першае, толькі нядаўна трапіў сюды, а па-другое – і амаль да дня вяртання дадому (а пакінуў ён Афганістан у снежні 1987 года!) – яго бацькі не ведалі, дзе служыць сын. Іван дасылаў родным пісьмы, фотаздымкі з сабакам нібыта з Таджыкістана, і канверты яму ішлі на адрас вайсковай часці №… Пісаў звычайнае «…усё нармальна». Толькі прыкладна за месяц да вяртання дамоў яго маці Зінаіду Міхайлаўну паклікалі з Кухцічаў у райцэнтр на злёт салдацкіх маці. Там зачыталі баявую камсамольскую характарыстыку сына, падзякавалі за добрае выхаванне, і даведалася жанчына, як «нармальна» праходзяць армейскія будні сыночка.

І вось – «святочны» стол. Побач з традыцыйнымі вайсковымі далікатэсамі – кавалачкамі сала, каўбасы – пачаставалі імянінніка і фірменнай стравай… вараным згушчаным малаком. Намазанае на чорны хлеб карычневае змесціва ўпрыкуску да чаю – і цяпер Іван Іванавіч, прыгадваючы той час, лічыць: смачней за такое за гады службы есці не даводзілася.

Былі пасля ў армейскіх буднях салдата нямала сапраўды баявых эпізодаў: пра гэта сведчаць медалі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа», знакі «Выдатнік пагранічнай службы» І і ІІ ступеняў, іншыя ўзнагароды.

…Змяніўшы армейскую вопратку на цывільнае адзенне, Іван Іванавіч па-ранейшаму займаецца справай, якую спакойнай не назавеш. На працягу сямнаццаці гадоў працягваліся яго будні ў калектыве выратавальнікаў. Было нямала трывожных дзяжурстваў, начных выездаў. Не раз даводзілася дзейнічаць у абставінах, набліжаных да баявых, калі ад кемлівасці, гатоўнасці кінуцца ў бушуючае полымя, каб выратаваць жыццё, зберагчы ад значнага матэрыяльнага ўрону маёмасць, залежала многае.

Сёмы год Іван Іванавіч Барбарчык з’яўляецца ахоўнікам падраздзялення вартавой аховы. Па чарзе заступае з калегамі на чарговае дзяжурства. Мяняюцца і адрасы нясення службы: сёння гэта можа быць пункт аховы пры ўваходзе ў будынак райвыканкама, заўтра – вышка ПРС-22 каля Зенькавічаў, яшчэ праз тыдзень – тэрыторыя прадпрыемства, што заключыла з ахоўным ведамствам дагавор на абслугоўванне.

…Усе гэтыя гады і дзесяцігоддзі, якія адлічвае яго пасляваеннае жыццё, Іван Барбарчык застаецца сапраўдным мужчынам: мужным, рашучым, мудрым. Да таго ж, Іван Іванавіч – шчаслівы муж і тата, а з нядаўняга часу – і дзед: дачка Наталля ўжо «парадавала» бацьку двума сыночкамі. Памяць пра вайну ў Афганістане Іван Іванавіч сціпла захоўвае ў сэрцы – разам з імёнамі ўсіх таварышаў, якім не пашчасціла вярнуцца на родную зямлю жывымі…

Искать похожие новости:

Будь готов

Другие новости

 

Единый день безопасности
Единый день безопасности
Волшебная книга
Волшебная книга
Приложение МЧС
Приложение МЧС

Министерство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть